ВІ́ЛЕНСКІ ПАВЕТ,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі, Літ.-Бел. ССР, Польшчы ў 15—20 ст. Утвораны ў складзе ВКЛ пасля Крэўскай уніі 1385, уваходзіў у Віленскае ваяводства. Павятовы цэнтр — г. Вільня. Тэр. павета ўдакладнена ў ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 і замацавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет адышоў да Рас. імперыі, з 14.12.1795 у Віленскай, з 12.7.1797 у Літоўскай, з 9.9.1801 зноў у Віленскай губ. Пл. павета 5434 кв. вярсты, нас. (без гарадоў) 355 855 чал. (1897). Жылі беларусы, літоўцы, яўрэі, палякі, рускія. У складзе павета было 19 валасцей, г. Нова-Вілейск, 32 мястэчкі, 3059 паселішчаў сельскага тыпу. У 1-ю сусв. вайну павет у жн. 1915 акупіраваны герм. войскамі. Са студз. 1919 у Літ. ССР, з лют. 1919 у Літ.-Бел. ССР, з крас. 1919 у Польшчы. У ліп. 1920 заняты Чырв. Арміяй. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 разам з інш. землямі перададзены Літве. 9.10.1920 акупіраваны польскімі войскамі ген. Л.Жалігоўскага. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 Віленскі павет уключаны ў склад Віленскага ваяводства.
т. 4, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)